official forum
Новае вяртанне фэсту, стаўшага ўжо добрай звычкаю, шчэ трохі і будзе традыцыяй 

«CRIVIA AETERNA: Архаіка і сучаснасць» - гэта не проста яшчэ адзін музычны фэст. Гэта спроба спалучыць, здавалася б, неспалучальныя з'явы: па-першае, Традыцыю як светагляд і як эстэтыку, а па-другое, сучасную эксперыментальную музыку. Чаму нас цікавіць звяз Традыцыі і эксперыменту? Таму што для нас любая музыка – гэта частка рытуалу, а наш рытуал – гэта пульсацыя Космасу, у якім Крывія ёсць сакральным сэрцам Еўропы, Гіпербарэяй, зямлёй, што нараджае найбуйнейшыя еўрапейскія рэкі. У нашым Космасе няма месца глабалізацыі, бессэнсоўнаму спажывецтву і сімулякрам грамадства спектаклю, у нашым Космасе святыні – гэта Род і Вада-Зямля, наш народ і нашая тысячагадовая Айчына. І менавіта таму мы звяртаемся да мовы эксперыментальнай музыкі, бо ў часы Калі-Югі любая музыка, што карэніцца ў Традыцыі, апрыёры лічыцца эксперыментальнай.
Мы не імкнемся ўзбагаціць культурнае жыццё Беларусі яшчэ адным фэстам з добрай музыкай. Нашая мэта прасцейшая і адначасна складанейшая: мы хочам перанесці на беларускую глебу традыцыі лепшых еўрапейскіх неафольк-фэстаў. Мы імкнемся стварыць свята для людзей, злучаных агульнымі поглядамі, супольнымі мэтамі і адзінай мрояй. Для нас CRIVIA AETERNA – гэта, перадусім, сустрэча сяброў і паплечнікаў. Сёлета фэст праводзіцца ўжо чацьвёрты раз. За тры папярэднія гады мы пазнаёмілі беларусаў з лепшымі прадстаўнікамі фольк /постфольк / неафольк музыкі Беларусі і Расіі. У Менску выступілі гэткія выдатныя гурты як РИТУАЛЬНЫЙ ФРОНТ, VISHUDHA KALI, ЛИХОЛЕСЬЕ, MOON FAR AWAY, PRAGNAVIT, ESSA, GUDA, OSIMIRA. У гэтым годзе CRIVIA AETERNA пераходзіць на новы для сябе ўзровень: Беларусь наведаюць зоркі першай велічыні, «патрыярхі» нямецкага неафольку гурт ORPLID. Апрача таго, у межах фэсту адбудзецца прэзентацыя дэбютных альбомаў гуртоў, «адкрытых» CRIVIA AETERNA, – SVALBARD і КРЫВАКРЫЖ. Такім чынам, чакаем вас, сябры, у нядзелю 12 красавіка ў клубе «Стэп». Да сустрэчы!
Месца правядзення – клуб «Стэп», вул. Прытыцкага, 62. (с.м. Кунцаўшчына). Пачатак фэста ў 17.00.
Падрабязней пра калектывы выступоўцаў: http://lesnoi-slon.livejournal.com/407896.html#cutid1
Неактивен